Да 30 ліпеня 2023 года грамадзянін Беларусі з любым відам на жыхарства ў Польшчы можа падаць заяву на атрыманне польскага падарожнага дакументу. Прэферэнцыі для беларусаў мелі дзейнічаць да канца 2023 года, але 29 снежня іх падоўжылі яшчэ на паўгода.
Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca) – дакумент, які замяняе пашпарт у выпадку, калі грамадзянін іншай краіны страціў свой пашпарт і не можа яго аднавіць. Напрыклад, калі пашпарт сапсаваны або калі тэрмін дзеяння скончыўся, а атрымаць новы пашпарт сваёй дзяржавы на тэрыторыі Польшчы немагчыма. Гэта асабліва актуальна для грамадзянаў Беларусі, бо ўлады Беларусі адмовіліся выдаваць і мяняць пашпарты сваіх грамадзянаў за мяжой.
Падарожны дакумент не дае дадатковых перавагаў або візаў у новыя краіны. Гэта толькі пасведчанне асобы і дакумент, куды ставяць візы. Ён працуе як пасведчанне асобы ў Польшчы і дазваляе выязджаць за мяжу, калі іншыя дакументы (як то віза ці від на жыхарства) даюць чалавеку такое права. Хіба часам могуць узнікнуць праблемы, калі такі дакумент незаконна «не прызнаюць» некаторыя авіякампаніі-лоўкостэры.
Раней гэты дакумент Польшча давала толькі людзям з пэўнымі дакументамі і прасіла падаць доказы таго, што грамадзянін Беларусі не можа атрымаць новы беларускі пашпарт, брала невялікую плату за выдачу дакументу. Але з 1 ліпеня 2023 года грамадзянам Беларусі не трэба нічога даказваць і плаціць, а падаць заяву можна, калі ёсць адзін з гэтых дакументаў:
Акрамя таго, падарожны дакумент могуць выдаць тым, хто ніколі не меў ніякага падарожнага дакументу – напрыклад, малое дзіця, якое яшчэ не атрымлівала беларускі пашпарт.
Дакумент па-ранейшаму выдаюць на год. Заяўку трэба падаваць у Аддзел справаў іншаземцаў паводле месца жыхарства (у Варшаве гэта па адрасе Marszałkowska 3/5), браняваць месца ў чарзе не трэба, дастаткова ўзяць квіток у жывую чаргу. Форму заяўкі на дакумент неўзабаве абновяць, пакуль можна карыстацца формай адсюль.
Падарожныя дакументы выдаюць грамадзянам Беларусі і іншыя краіны, людзям са статусам уцекача даюць «жэнеўскі пашпарт». А Нямеччына абяцала прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты. Аб’яднаны пераходны кабінет тым часам працуе над альтэрнатыўным «пашпартам Новай Беларусі». Прадстаўнікі Кабінету выказвалі надзею, што выдаваць дакумент пачнуць у першыя месяцы 2024 года, і чакаюць, што гэты дакумент прызнаюць прынамсі дзяржавы Еўразвязу.
Алесь Наваборскі belsat.eu