Што там з пашпартам Новай Беларусі? Ужо купляюць матэрыялы для друку


Аб’яднаны пераходны кабінет купляе матэрыялы для друку альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў, расказала 1 лістапада абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская. Калі гэтыя пашпарты пачнуць выдаваць беларусам, не вядома.

Праект пашпарту Аб’яднанага пераходнага кабінету
Праект пашпарту Аб’яднанага пераходнага кабінету. Выява: Belarus-passport.com

Як адзначыла Святлана Ціханоўская, яна штодня атрымоўвае паведамленні ад беларусаў аб праблемах з пашпартамі і легалізацыяй за мяжой, таму вырашыла расказаць, як выглядае сітуацыя з анансаванымі раней альтэрнатыўнымі пашпартамі – тымі, што называюць «пашпартам Новай Беларусі».

«Цяпер мы на этапе вытворчасці першых узораў пашпарта, – піша Ціханоўская. – Мы пачалі працэс закупкі матэрыялаў для іх друку. Пасля таго, як будуць гатовыя першыя ўзоры, мы адправім іх урадам краінаў-партнёраў з прапановай прызнаць новы дакумент. Мы ўжо вядзем кансультацыі з замежнымі палітыкамі, інфармуем іх аб нашых дзеяннях і планах.

Адначасова з палітычнай працай на міжнародным узроўні мы працуем над стварэннем органу выдачы. Гэта структура, якая будзе займацца ўсімі этапамі выпуску пашпартоў – ад прыёму заявак і іх праверкі да друку пашпартоў і захоўвання звестак. Гарантаванне бяспекі ўсіх дзеянняў падчас выдачы пашпарта для нас прынцыпова важна».

Hавiны
Праект «пашпарта Новай Беларусі» крыху зменяць: няма правоў на карціны Шагала
2023.10.08 18:32

Яна звярнула асаблівую ўвагу на тое, што альтэрнатыўны пашпарт не дае аўтаматычнай легалізацыі ў кожнай краіне – уладальнікам пашпарта ўсё роўна трэба будзе атрымліваць візы і від на жыхарства, напрыклад, у Літве і Польшчы, нават калі ўлады Літвы і Польшчы прызнаюць пашпарт Новай Беларусі.

Каманда Аб’яднанага пераходнага кабінету, якая займаецца праектам,  правяла перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам Еўракамісіі і шэрагам нацыянальных урадаў. Ад Еўракамісіі быў станоўчы водгук, прынамсі адна краіна Еўразвязу абяцала тэхнічную дапамогу.

Але колькі часу зойме друк пашпартоў, іх выдача беларусам і прызнанне рознымі дзяржавамі, не вядома. Прадстаўнікі Кабінету выказвалі надзею, што выдаваць дакумент пачнуць у першыя месяцы 2024 года.

«Дарагія беларусы, запуск вытворчасці і працэс прызнання новага беларускага пашпарта вельмі складаныя, – дадала Ціханоўская. – Мы першымі ідзем гэтым шляхам не толькі ў сваёй краіне, але і ў свеце. Наша каманда з нуля распрацоўвае шмат тэхнічных і юрыдычных механізмаў. Я вельмі спадзяюся на вашую трываласць і падтрымку. Абяцаю трымаць у курсе любых зменаў».

Пашпарт Новай Беларусі патрэбны не толькі тым, каму не падабаецца дзяржаўная сімволіка лукашэнкаўскай Беларусі, але і тым, каму ехаць у Беларусь па новы пашпарт небяспечна з прычыны рэпрэсіяў. З нядаўняга часу ўлады Беларусі адмовіліся выдаваць новыя пашпарты за мяжой замест страчаных і сапсаваных дакументаў, а таксама тых, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння. Пакуль замест пашпарта можна атрымліваць у некаторых краінах нацыянальныя падарожныя дакументы або «жэнеўскія пашпарты». Але ў некаторых краінах, як то ў Грузіі, гэта можа быць няпроста, дый уладальнікаў такіх дакументаў могуць беспадстаўна не пусціць на самалёт.

Hавiны
Што рабіць, калі не пускаюць у самалёт з падарожным дакументам ці «жэнеўскім пашпартам»
2023.11.01 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў