Польшча спрасціла выдачу беларусам падарожнага дакументу. Што гэта такое і каму ён патрэбны


Ад 1 ліпеня беларусы з любым відам на жыхарства ў Польшчы могуць бясплатна атрымаць так званы польскі падарожны дакумент, які замяняе страчаны пашпарт. «Белсат» расказвае галоўнае, што трэба ведаць пра гэты дакумент.

Польскі падарожны дакумент для замежніка
Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca).
Фота: Белсат

Гэта не бонус, а неабходны дакумент для тых, хто не можа атрымаць дзейны пашпарт. Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca) не дае дадатковых перавагаў або візаў у новыя краіны. Гэта толькі пасведчанне асобы і дакумент, куды ставяць візы. Замежнікі на тэрыторыі Польшчы абавязаныя мець дзейны праязны дакумент, нават калі не могуць атрымаць новага пашпарта сваёй краіны замест сапсаванага або састарэлага. З такім дакументам нашыя суайчыннікі ужо змогуць выязджаць за мяжу, у тым ліку без візаў у краіны шэнгенскай зоны, калі гэта дазваляюць іншыя дакументы.

Цяпер польскі праязны дакумент дадуць любому беларусу з відам на жыхарства ў Польшчы. Да 1 ліпеня гэты дакумент Польшча давала толькі беларусам з пэўнымі дакументамі і прасіла падаць доказы таго, што грамадзянін Беларусі не можа атрымаць новы беларускі пашпарт (з прычыны палітычнага пераследу). Цяпер падстава выдачы віду на жыхарства ўжо не мае значэння, тлумачэнняў прасіць не будуць, а дакумент выдадуць нават тым грамадзянам Беларусі, якія не мелі беларускага пашпарта, – у тым ліку дзецям грамадзянаў Беларусі, якія нарадзіліся ўжо ў Польшчы.

Па-ранейшаму такія дакументы даюць і тым, хто атрымаў у Польшчы статус уцекача, дадатковую абарону ці згоду на пражыванне з гуманітарных прычынаў, і тым, хто мае картку доўгатэрміновага рэзідэнта Еўразвязу. Атрыманне дакументу цяпер бясплатнае, а тым, хто раней падаў заяўку, але яшчэ не атрымаў дакумент, вернуць 350 злотых, якія трэба было плаціць за атрыманне дакументу ў агульным парадку.

Польскі падарожны дакумент для замежніка
Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca).
Фота: Белсат

Дакумент выдаюць на год, заяўку трэба падаваць у Аддзел справаў іншаземцаў паводле месца жыхарства. У Варшаве дакументы можна падаваць на адрас Marszałkowska 3/5, браняваць месца ў чарзе не трэба, дастаткова ўзяць квіток у жывую чаргу (аўтамат з квіткамі ў канцы калідора справа ад уваходу). Форму заяўкі на дакумент неўзабаве абновяць, пакуль можна карыстацца формай адсюль. Тэрмін дзеяння дакументу – 1 год з даты выдачы (пазначанай у дакуменце – не даты атрымання ў рукі), і яго можна працягваць.

Спрошчаныя правілы часовыя. Яны дзеюць да канца 2023 года. Пасля іх могуць працягнуць або змяніць. Не выключана, што пазней дакумент стане зноў даступны толькі пэўным катэгорыям беларусаў, а мо і зробіцца платным.

Польскі падарожны дакумент для замежніка
Польскі падарожны дакумент для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca).
Фота: Белсат

З дакументам могуць узнікнуць праблемы за мяжою. Тэарэтычна, польскі праязны дакумент мусяць успрымаць так сама, як пашпарт. Але дакумент не настолькі распаўсюджаны, як звычайныя пашпарты, таму за межамі Польшчы службовыя асобы могуць пра яго проста не ведаць, – трэба быць гатовым даказваць, што гэта не пустая паперка. Не выключана, што ў нейкіх краінах дакумент могуць зусім не прыняць, але пра такое на момант публікацыі невядома. Для паездкі ў Беларусь такі дакумент дакладна не варта выкарыстоўваць: па-першае, ён прызначаны для тых, хто не можа паехаць у Беларусь па новы пашпарт (хоць не факт, што дакумент за такую паездку забяруць), а па-другое, ён можа выклікаць пытанні ў сілавікоў.

Юрысты гатовыя даць бясплатныя кансультацыі. «Цэнтр беларускай салідарнасці» прапаноўвае кансультацыі па ўсіх тэмах вакол легалізацыі ў Польшчы праз нумар +48 662 200 400 або праз інфалінію ў Telegram: @CBShelp. Інфалінія працуе з панядзелка да пятніцы з 10:00 да 18:00.

Разбор
Пяць непрыемных сюрпрызаў, якія могуць чакаць беларусаў з легалізацыяй у Польшчы
2023.06.22 19:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў