Чаму каталікі і праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень у розныя дні. І калі гэта можа змяніцца


Пяць тыдняў – менавіта столькі ў 2024 годзе складае розніца паміж датамі святкавання Вялікадня каталікамі і пратэстантамі з аднаго боку і праваслаўнымі з другога. Штогод гэтая розніца змяняецца. Пра тое, чаму так адбываецца і ці магчыма гэта змяніць, чытайце ў матэрыяле «Белсату».

Вялікдзень у Менскім кафедральным саборы.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Каталіцкі і пратэстанцкі свет у сваёй большасці адзначаў Вялікдзень яшчэ 31 сакавіка. А вось у праваслаўных тады фактычна толькі пачаўся Вялікі пост, што папярэднічае найгалоўнейшаму хрысціянскаму святу. Само ж святкаванне прыпадае толькі на 5 траўня – ажно праз пяць тыдняў.

Як ужо пісаў «Белсат», раней і праваслаўныя, і каталікі мелі адзін каляндар – юліянскі, распрацаваны яшчэ да нашай эры пры Гаі Юліі Цэзары. Але гэты каляндар з часам стаў вельмі моцна адставаць ад рэальнага сонечнага цыклу. Цяпер гэтая розніца складае 13 дзён, і далей яна будзе толькі павялічвацца.

Каб выправіць гэтую праблему папа Рымскі Рыгор ХІІІ даручыў у 1582 годзе правесці рэформу, у выніку якой паўстаў новы, грыгарыянскі, каляндар. Ім цяпер карыстаецца амаль увесь свет, але шлях да гэтага быў няхуткім – першымі яго ўвялі толькі краіны з каталіцкімі манархамі на чале, у тым ліку і Рэч Паспалітая.

Пратэстанцкія і праваслаўныя краіны пераходзіць на новы каляндар не збіраліся. У 1583 годзе праваслаўныя патрыярхі Канстанцінопалю, Александрыі і Ерусаліму нават наклалі анафему на ўсіх, хто будзе карыстацца грыгарыянскім календаром. У выніку, напрыклад, Расея адмовілася ад юліянскага календара толькі ў 1918 годзе, а Грэцыя і таго пазней – у 1923-м. Аднак праваслаўныя цэрквы надалей працягвалі карыстацца юліянскім календаром.

На практыцы гэта азначае, што адна і тая ж фармальная дата выпадае на розныя рэальныя дні. Напрыклад, Раство і ў каталікоў, і ў праваслаўных – 25 снежня. Але з прычыны розніцы календароў 25 снежня паводле юліянскага календара прыпадае на 7 студзеня паводле грыгарыянскага. З 2100 года памылка дадасць яшчэ адзін дзень, і «юліянскае» Раство перамесціцца яшчэ далей – на 8 студзеня ў грыгарыянскім календары.

У 1923 годзе праваслаўныя патрыярхі ўсё ж вырашыліся на развязанне календарнага пытання. Аднак пераходзіць на «каталіцкі» каляндар не сталі, а прапанавалі свой варыянт – новаюліянскі. У ім даты нерухомых святаў (таго ж Раства) супадаюць з грыгарыянскімі, а даты рухомых (перадусім Вялікадня) застаюцца такімі ж, як і ў юліянскім.

Сёння новаюліянскім календаром сярод праваслаўных карыстаюцца Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Балгарская, Канстанцінопальская, Кіпрская, Румынская, Чэшская і Эладская цэрквы. Летась на яго перайшла і Праваслаўная царква Украіны. Аднак і дагэтуль значная частка цэркваў працягвае ўжываць юліянскі каляндар: Ерусалімская, Грузінская, Македонская, Польская, Расейская, Сербская. Ва Украіне ім карыстаецца Украінская праваслаўная царква, якая, як заяўляе, выйшла са складу РПЦ у 2022 годзе. Таксама яго захоўвае і Беларуская праваслаўная царква, што ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату.

З усіх праваслаўных цэркваў на грыгарыянскі каляндар перайшла толькі Фінляндская, якая з’яўляецца аўтаноміяй у складзе Канстанцінопальскага патрыярхату.

Дарэчы, новаюліянскім календаром карыстаюцца і некаторыя ўсходнія каталіцкія цэрквы, у тым ліку найбуйнейшая з іх – Украінская грэка-каталіцкая царква. Сярод беларускіх грэка-каталікоў паводле гэтага календара жыве толькі манастыр у Полацку.

Разбор
Чаму Раство ў Беларусі «два разы», які на яго «пароль», што значаць куцця і ваджэнне казы?
2024.01.07 06:00

Але чаму такая розніца паміж датамі Вялікадня?

Да даты ж святкавання рухомых святаў (Вялікадня і звязаных з ім Троіцы і Пяцідзясятніцы) дадаюцца дадатковыя праблемы ў сувязі з іх спецыфікай. Згодна з правілам, Вялікдзень святкуецца ў першую нядзелю пасля першай поўні, якая ў сваю чаргу мае быць пасля вясновага раўнадзенства. Вясновае раўнадзенства і ў праваслаўных, і каталікоў прыпадае на 21 сакавіка. Але 21 сакавіка паводле юліянскага ці новаюліянскага календара – гэта 3 красавіка паводле грыгарыянскага.

У выніку, напрыклад, сёлета першая вясновая поўня была 25 сакавіка – у дзень, калі ў праваслаўных паводле іх календароў яшчэ нават не наступіла раўнадзенства. Таму каталікі святкавалі Вялікдзень ужо ў найбліжэйшую нядзелю, 31 сакавіка, а праваслаўныя яшчэ мусілі чакаць дадатковы месяц, калі наступіць новая поўня. Дый поўня не астранамічная, але матэматычная, якая выпадае на даты паміж 24 красавіка і 1 траўня. І ўжо ад даты гэтай поўні адлічваецца першая нядзеля, сёлета – гэта 5 траўня паводле грыгарыянскага календара.

Пасха, Вялікдзень, касцёл, костёл, вернікі, верующие, Вильнюс, Литва, Вільня, Літва
Велікодная імша ў кафедральным саборы святога Станіслава і святога Уладзіслава (Švento Stanislovo ir Švento Vladislovo arkikatedra bazilika) ў Вільні, Літва. 31 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

У 2025 годзе першая вясновая поўня выпадае на 13 красавіка, калі раўнадзенства ўжо міне і паводле грыгарыянскага календара, і паводле юліянскага. У выніку налета будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень – 20 красавіка.

Агулам грыгарыянскі Вялікдзень амаль у 30 % выпадкаў супадае з юліянскім, у 45 % апярэджвае яго на адзін тыдзень, у 5 % – на чатыры тыдні, у 20 % – на пяць. Розніцы ў два ці тры тыдні не бывае ніколі.

Сярод прычынаў, чаму праваслаўныя адмаўляюцца ад пераходу на грыгарыянскі каляндар, з’яўляецца, напрыклад, тое, што грыгарыянскі Вялікдзень часам святкуецца раней за юдэйскі Пэйсах. Праваслаўныя ў гэтым бачаць парушэнне сёмага апостальскага правіла, што забараняе «святы дзень Вялікадня перш за вясновае раўнадзенства з юдэямі святкаваць».

Аднак нельга сказаць, што ўсім праваслаўным падабаецца сітуацыя. Напрыклад, канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей, віншуючы сёлета неправаслаўных хрысціянаў з Вялікаднем, назваў «скандалам» тое, што свята Уваскрэсення адзначаецца ў розныя дні.

«Молімся Госпаду славы, каб супольнае святкаванне Вялікадня, якое будзе ў нас у наступным годзе, было не шчаслівым супадзеннем, выпадковасцю, але пачаткам устанаўлення адзінай даты святкавання года ва ўсходнім і заходнім хрысціянстве, у сувязі з 1700-годдзем у 2025 годзе склікання Першага Сусветнага Сабору ў Нікеі, які, між іншым, разглядаў пытанне рэгулявання часу святкавання Вялікадня. Мы настроены аптымістычна, бо ёсць добрая воля і жаданне з абодвух бакоў», – заявіў патрыярх.

Гісторыі
Перанос Раства: як украінцы ставяцца да зменаў у святочным календары
2023.12.25 06:04

Пытанне адукацыі і палітыкі

Агулам жа пытанне ўвядзення адзінай пасхаліі для ўсіх хрысціянаў абмяркоўваецца яшчэ з 1920-х гадоў, але прыйсці да адпаведнага рашэння пакуль не атрымалася. Сяргей Чапнін, дырэктар па камунікацыях Цэнтру праваслаўных даследаванняў Фардэмскага ўніверсітэту, адзначыў у каментары «Белсату», што ўвядзенне адзінай пасхаліі для ўсіх хрысціянаў было зацверджана яшчэ ў 325 годзе на Першым Сусветным саборы ў Нікеі, аднак праблема ў тым, што нікейская формула не прывязана ні да якога канкрэтнага календара, таму з часам з’явіліся розныя варыянты яе прачытання. У 1997 годзе прадстаўнікі праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх цэркваў падпісалі Алепскую заяву, якая фармулюе новы падыход да вызначэння даты Вялікадня, які «выглядае прымальным для ўсіх, у тым ліку і для праваслаўных хрысціянаў».

«Гэта значыць, тэарэтычная база для таго, каб усе мы святкавалі Вялікдзень у адзін дзень, сёння існуе, ён сурʼёзны і пераканаўчы, і прыняты большасцю цэркваў», – сказаў Чапнін.

Аднак, паводле яго слоў, рэалізацыя гэтага падыходу на практыцы ўпіраецца ў палітычныя і адукацыйныя пытанні. Як адзначыў рэлігіязнаўца, многія праваслаўныя нават не ведаюць, што католікі таксама выкарыстоўваюць тую самую нікейскую формулу вызначэння даты Вялікадня, што і праваслаўныя. А розніца ў датах выкліканая толькі календарамі.

«Калі казаць жорстка і бесстаронне, гэта праблема вельмі невысокага ўзроўню адукацыі сярод большасці праваслаўных. Праваслаўныя не разумеюць, у чым праблема. Яны не разумеюць, што стварыць ідэальны каляндар, які будзе ў дакладнасці адпавядаць руху свяцілаў, сонца і месяца, даволі складана. Ва ўсіх вылічэннях ёсць памылкі. Але ў гісторыі чалавецтва прасочваецца відавочная тэндэнцыя – з часам вылічэнні становяцца ўсё больш дакладнымі», – заявіў суразмоўца.

Людзі асвячаюць ежу ў храме іконы божай маці «Усецарыца». Менск, Беларусь, 1 траўня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аднак, паводле яго, замест таго, каб выпраўляць гэтыя недакладнасці, частка праваслаўных сакралізуе юліянскі каляндар, які «не больш і не менш сакральны, чым усякія іншыя календары». Чапнін нагадаў, што Фінляндская царква – пакуль адзіная, якая перайшла на грыгарыянскі каляндар, але «пры гэтым зʼяўляецца паўнавартаснай праваслаўнай царквой, прызнанай іншымі праваслаўнымі цэрквамі».

«Гэта значыць гэта [святкаванне праваслаўнымі Вялікадня разам з каталікамі і праваслаўнымі. – рэд. belsat.eu] магчыма, вялікай праблемы ў гэтым няма. Неабходна жаданне, добры намер і разуменне таго, што адзінае святкаванне даты Вялікадня зʼяўляецца важным сімвалічным і нават духоўным сведчаннем таго, што хрысціяне ў сучасным свеце ўсведамляюць сваё адзінства і сваё галоўнае свята адзначаюць разам», – сказаў Чапнін.

Хто супраць адзінай пасхаліі

Прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) у адказ на пошукі каляндарнага адзінства часта прапануюць іншым хрысціянам вярнуцца да юліянскага календара. Аднак Чапнін лічыць пераход на юліянскі каляндар «бязглуздзіцай»:

«Навошта адмаўляцца ад чагосьці больш дакладнага і больш сучаснага дзеля чагосьці безнадзейна састарэлага?»

Такія заявы прадстаўнікоў РПЦ рэлігіязнаўца звязвае з іх жаданнем «паказаць, што яна іншая, яна не такая, як Захад» і таму не можа прыняць усё, што зыходзіць ад Захаду. Сурʼёзна абмяркоўваць гэтае пытанне з удзелам РПЦ можна будзе толькі тады, як у яе зменіцца царкоўная адміністрацыя, мяркуе Чапнін.

«На жаль, разлічваць, што гэта адбудзецца пры цяперашняй царкоўнай уладзе, зусім не даводзіцца», – сказаў ён.

Што да апеляцый да апостальскіх правілаў, якія забараняюць святкаваць Вялікдзень раней юдэйскага Пэйсаха, Чапнін адзначыў, што Першы Сусветны сабор якраз і адвязаў яго святкаванне ад габрэйскіх традыцыяў. А самі апостальскія правілы – «гэта дакумент канца IV стагоддзя», аўтарытэт якога ніжэй, чым у Нікейскага сабора.

Аднак ва ўмовах, калі РПЦ з аднаго боку разарвала еўхарыстычныя зносіны з грэчаскімі праваслаўнымі цэрквамі (Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Эладскай і Кіпрскай), а з другога – «прапаведуе, па сутнасці, ерась, вучэнне, якое не суадносіцца з Евангеллем», устае вялікае пытанне, а ці зʼяўляецца ў поўнай меры праваслаўнай царквой тая арганізацыя, якую ўзначальвае патрыярх Кірыл»? Гэта адкрытае пытанне, аднак афіцыйнае прызнанне хаця б часткай праваслаўных цэркваў таго факту, што РПЦ упала ў ерась, можа паскорыць іх рух у бок адзінай для ўсіх хрысціянаў пасхаліі, лічыць Чапнін.

Добраслаўленне кулічоў у Архікафедральным саборы Святога Юра ў Львове, Украіна. 23 красавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Пакуль жа рэлігіязнаўца не бачыць актыўнай дыскусіі з боку цэркваў наконт уніфікацыі даты святкавання Вялікадня, хаця ёсць «нямала… праваслаўных, у тым ліку святароў і багасловаў, якія жывуць надзеяй, што яны ўбачаць, яны будуць сведкамі таго, як хрысціянскі свет устанаўлівае адзіную дату Вялікадня». На яго думку, царкоўныя іерархі ў гэтым пытанні не рухаюцца «далей дэкларацыі аб намерах». У тым ліку ў сувязі з магчымымі расколамі з-за каляндарнага пытання.

«Для многіх змена календара ўспрымаецца ледзь не як змена веры. Сакралізацыя, узвядзенне календара ў нейкі догмат – гэта вельмі небяспечная гісторыя. Сапраўды, хваляванні і расколы ў праваслаўнай царкве могуць узнікнуць, калі не будзе сурʼёзных адукацыйных праектаў, выразнай і спакойнай дыскусіі», – лічыць рэлігіязнаўца.

У сітуацыі ж адсутнасці сурʼёзных спроб такіх тлумачэнняў «пытанне аб прыняцці новай пасхаліі адкладаецца на нявызначаны тэрмін, хоць і не здымаецца з парадку дня», сказаў на заканчэнне Чапнін.

Рэпартаж
Выпрабавана: фарбуем яйкі народнай традыцыйнай тэхнікай
2024.05.04 16:00

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў