Аперацыя «DRAGONFLY». ЗСУ ўпершыню ўжылі ракеты ATACMS


Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 кастрычніка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 3-й дэсантна-штурмавой брыгады страляюць з безадкатнай гарматы СПГ-9 падчас тактычных заняткаў у Данецкай вобласці, Украіна. 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

«Белсат» падводзіць вынікі 601-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Па лініі фронту на паўночным усходзе Украіны адзначаецца павелічэнне наступальных аперацыяў Узброеных сілаў РФ. Ва ўкраінскім камандаванні паведамілі пра адбіццё 15 атак праціўніка каля населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка і яшчэ пяці – у ваколіцах Стэльмахаўкі і Надзеі.

У сваю чаргу ў Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё контратак украінцаў на гэтых жа ўчастках фронту, што ўказвае на вядзенне ЗСУ актыўнай абароны па ўсёй лініі сутыкнення на купянскім кірунку.

На суседнім ліманскім кірунку большай актыўнасцю адзначыліся сілы абароны Украіны, якія атакавалі каля сёлаў Кузьмыно і Дзіброва.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша пра няўдалую атаку войскаў РФ каля сяла Бэрхаўка на паўночным захадзе ад Бахмуту.

У гэты ж час на поўдні ад раённага цэнтру ініцыятыва захоўваецца за ўкраінскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на ўсходзе ад сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка побач з мясцовай чыгуначнай лініяй.

«Бахмутський Демон» сцвярджае, што цягам содняў ЗСУ зноў прасунуліся каля апошняга населенага пункту.

На гэтым жа ўчастку расейцы актыўна контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі, але пакуль не маюць поспеху.

Камандзір Трэцяй штурмавой брыгады ЗСУ Андрэй Білецкі заявіў, што расейцы страцілі магчымасць для вяртання кантролю над пазіцыямі з поўдня ад Бахмуту, паколькі ўкраінцы ўпэўнена замацавацца на чыгунцы. Удакладняецца, што на асобных участках чыгуначнае палатно ўзвышаецца над наваколлем на вышыню да 80 метраў, што робіць яго зручным месцам для абароны.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На поўначы ад Данецку войскі РФ працягваюць наступальную аперацыю ў ваколіцах Аўдзееўкі, імкнучыся атачыць горад з захаду. Паводле Генштабу ЗСУ, пакуль праціўнік не мае поспеху: цягам содняў сілы абароны краіны адбілі больш за 10 атак расейцаў.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць частковы поспех Узброеных сілаў РФ каля населеных пунктаў Вадзяное і Вопытнае на паўднёвым захадзе ад Аўдзееўкі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» звяртае ўвагу на перавагу ўкраінскай артылерыі, праз дзеянні якой войскі РФ нясуць істотныя страты.

На суседнім мар’інскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейцамі, якія цягам содняў правялі не менш за 15 атак каля аднайменнага гораду. Між тым зменаў па лініі фронту не зафіксавана.

Бярдзянскі кірунак (паўднёвы захад Данецкай вобласці і ўсход Запарожскай)

На бярдзянскім кірунку ўзнавілася баі на ўсходзе ад так званага ўрэмеўскага выступу на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Генштаб ЗСУ фіксуе няўдалыя атакі праціўніка на поўдні ад населеных пунктаў Залатая Ніва і Прачыстаўка.

На поўдні ад Залатой Нівы і поўдні ад Прачыстаўкі 

На захадзе выступу зафіксаваная дзейнасць украінскай дыверсійна-выведнай групы, што можа ўказваць на падрыхтоўку да ўзнаўлення баёў і на гэтым участку фронту.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра недапушчэнне прарыву абароны на паўднёвым захадзе ад сёлаў Новаданілаўка і Работына, а таксама на захадзе ад Вэрбовага.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Дневник Десантника» піша пра масіраваны наступ ЗСУ на захадзе і паўночным захадзе ад Вэрбовага.

Байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ адзначаюць, што ў выніку баёў удалося заняць шэраг тактычных кропак каля населенага пункту.

Таксама фіксуюцца контратакі расейцаў на паўночным захадзе ад сяла Капані, дзе раней украінскія вайскоўцы занялі новыя пазіцыі.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша пра актывізацыю Збройных сілаў Украіны на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці.

Паводле крыніцы, увечары 16 кастрычніка не менш за чатыры групы марской пяхоты ЗСУ высадзіліся каля чыгуначнага моста на востраве Алэшкаўскі і паспрабавалі прасунуцца да гораду Алэшкі і сяла Пішчанае. Сцвярджаецца, што атакі былі спыненыя ўдарамі расейскай артылерыі, пасля чаго ўкраінцы занялі абарончыя пазіцыі каля Дняпра.

Таксама ёсць непацверджаная інфармацыя пра выпадку ўкраінскай дыверсійна-выведнай групы каля населенага пункту Крынкі.

«Рыбарь» мяркуе, што такім чынам ЗСУ рыхтуюць плацдарм для маштабнай дэсантнай аперацыі на левабярэжжы Дняпра.

Таксама ў ноч на 17 кастрычніка Збройныя сілы Украіны нанеслі ракетныя ўдары па аэрадромах у акупаваных гарадах Бярдзянск і Луганск. Сілы Спецыяльных Аперацыяў Украінцы паведамілі, што ў выніку атакі «DRAGONFLY» было знішчана дзевяць верталётаў расейцаў рознай мадыфікацыі, спецтэхніка, устаноўка супрацьпаветранай абароны, склад боепрыпасаў, а таксама была пашкоджаная інфраструктура саміх аэрадромаў. Страты УС РФ у жывой сіле дасягаюць дзясяткаў забітых і параненых.

Прарасейскі крыніцы пішуць, што агулам ЗСУ выпусцілі 6 ракетаў, 3 з якіх дасягнулі цэляў.

Увечары 17 кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў вайскоўцам, якія прынялі ўдзел у нанясенні ўдараў па аэрадромах у Бярдзянску і Луганску, а таксама кіраўніцтву Злучаных Штатаў, якое перадала ракеты ATACMS. Такім чынам пацвердзіліся ранейшы паведамленні пра першае ўжыванне гэтай зброі на тэрыторыі Украіны.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў