Затрыманне праз правакацыю і новыя справы супраць палітвязняў. Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Сілавікі затрымалі беларуса за сімпатыі да палку Каліноўскага. Хлопец стаў чарговай ахвярай правакатара Юрыя Комара, які ў чат-рулетцы зноў цікавіўся ў выпадковага суразмоўцы, як той ставіцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. «Гэта ўвогуле малайцы хлопцы», – адказаў мужчына і распавёў, што нібыта пераводзіў палку Каліноўскага грошы. За гэтыя словы ён быў затрыманы сілавікамі і змешчаны ў ізалятар. У падкантрольных спецслужбам Telegram-каналах было апублікаванае «пакаяннае відэа», дзе мужчына кажа, што падчас размовы ў чат-рулетцы быў у стане «жорсткага алкагольнага ап’янення і проста нёс трызненне».

Сілавікі затрымалі менскага тату-майстра, які нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і мае шэраг «пратэставых татуіровак». На падкантрольных спецслужбам каналах выкладзена «пакаяннае відэа» з хлопцам. Паводле інфармацыі выдання «Медиазона», тату-майстар у сацсетках падпісаны як Андрэй Лысы.

З крыніцаў «Белсату» стала вядома, што адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 г. Бабруйску ініцыявала супраць палітвязня Эдуарда Бабарыкі новую крымінальную справу. Гэтым разам яго абвінавацілі ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК). Палітвязню пагражае яшчэ год пазбаўлення волі ў дадатак да васьмі гадоў, якія яму прысудзілі летась.

Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу супраць «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай». Па гэтай справе, якая была распачатая ў межах спецыяльнага вядзення, праходзяць 20 чалавек.

Каментар
Дабравольскі пра справу «аналітыкаў Ціханоўскай»: «Не ўсе мне былі знаёмыя, гэта абсурд»
2024.04.30 13:45

Менскі гарадскі суд прызнаў палітвязня, былога інжынера «Менскэнерга» Артура Пядзько вінаватым паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК («Дапамога ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненай групай асобаў») і прызначыў яму 9 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, мужчына мусіць сплаціць больш за $100 тысяч. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Вядомага глыбоцкага бодзібілдара Аляксандра Шарабайку, які летась атрымаў 1,5 года калоніі за «абразу Лукашэнкі», зноў будуць судзіць. Акрамя яго па справе праходзяць яшчэ Андрэй Стабулянец і Дзяніс Цабульскі, якога год таму асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску. Кожнага з іх абвінавачваюць паводле арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»). Якое «экстрэмісцкае фармаванне» маецца на ўвазе – невядома.

ПЦ «Вясна» паведамляе, што палітзняволенаму Віталю Чопіку збіраюцца дадаць яшчэ адзін артыкул. Паводле праўладных каналаў, Віталь нібыта ўдзельнічаў у «масавых беспарадках у Берасці ў 2020 годзе». Раней палітвязню быў інкрымінаваны толькі арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Віталь Чопік быў арыштаваны за тое, што хадзіў на палітычна матываваныя суды.

Сілавікі затрымалі беларуса за данат «Краіне для жыцця». На «пакаяльным відэа» ён кажа, што таксама пісаў каментары ў Telegram пра міліцыянтаў.

Агляд
«Рэпрэсіі сталіся сутнасцю сістэмы». Як Беларусь ператвараецца ў Іран
2024.04.30 16:31

На волю выйшаў палітвязень Артур Смалякоў, які знаходзіўся за кратамі з ліпеня 2022 году. За ўдзел у пратэстах ён быў пакараным 2 гадамі зняволення. Тэрмін Артур адбываў у віцебскай ПК-3.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў