Калонія за рэпост і завочны прысуд за пратэсты 2020 году. Хроніка рэпрэсіяў


«Белсат» працягвае распавядаць пра выпадкі рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага грамадства.

Вольга і Яўген Пруднікавы.
Фота: spring96.org

У Менску 35-гадоваму Яўгену Пруднікаву і 31-гадовай Вользе Пруднікавай завочна вынеслі вырак: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Іх судзілі за ўдзел у мірных пратэстах 2020 году паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Яўген і Вольга Пруднікавы знаходзяцца за межамі Беларусі і не прысутнічалі на судзе. На працэсе зачытвалі іх сведчанні, якія яны далі ў статусе сведак па іншай справе ў жніўні 2022 году. Тады яны распавядалі пра свой удзел у Маршах 16 і 30 жніўня 2020 году.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што ў судзе Віцебскага раёна 28 сакавіка быў вынесены прысуд Сяргею Мельнікаву. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 19 чэрвеня 2023 года зрабіў рэпост публікацыі ў «Аднакласніках». У ёй знаходзіўся фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі і тэкст, які суд палічыў абразлівым. Паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэксу суддзя Міхаіл Зубеня прызначыў Сяргею адзін год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

15 траўня ў Менскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу 33-гадовай Кацярыны Шаблінскай-Івановай. Жанчыне інкрымінаваныя тры артыкулы Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («Распальванне варожасці або варажнечы»), ч. 1 арт. 342 («Удзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак або заклікі да такіх дзеянняў») і ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцыяў або іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды дзяржаве»). Кацярына – маці-адзіночка, яе сыну цяпер шэсць гадоў. Невядома, з кім хлопчык цяпер жыве.

Кацярына Кастусёва, дачка палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва, выйшла на волю пасля трох содняў у ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкаму. Раней сілавікі вінавацілі яе ў судзеянні ПЦ «Вясна», а таксама ў тым, што яна нібыта зарэгістравалася ў чат-боце плану «Перамога». Які цяпер у Кацярыны статус – невядома.

Вядомы фотажурналіст і былы палітвязень Аляксандр Васюковіч, які быў пакараны «хатняй хіміяй», выехаў з Беларусі пры дапамозе фонду салідарнасці «BYSOL».

Аналітыка
«Такіх выпадкаў будзе больш». Праваабаронцы не чакаюць адлігі пасля смерці абвінавачанага ў СІЗА Берасця
2024.04.10 21:44

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў