Заснавальніка крыптабіржы «Binance» асудзілі на чатыры месяцы зняволення


Амерыканскі суд прыгаварыў заснавальніка найбуйнейшай у свеце крыптабіржы «Binance» Чан Пэн Чжаў да чатырох месяцаў турмы. За тое, што дазваляў злачынцам на сваёй платформе адмываць грошы, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Чан Пэн Чжаў.
Фота: Ben McShane / Web Summit via Sportsfile

Пракуроры патрабавалі асудзіць Чан Пэн Чжаў на тры гады турмы. Падчас слуханняў суддзя Рычард Джоўнз заявіў, што былы кіраўнік «Binance» ставіў рост і прыбыткі [кампаніі] вышэй за амерыканскія законы і правілы».

Амерыканскія ўлады вінавацяць біржу ў наўмысным хаванні інфармацыі ад праваахоўных органаў, падрыве рэжыму кантролю за выкананнем санкцыяў і ў тым, што не дакладвала пра падазроныя транзакцыі. У прыватнасці гаворка пра фінансавыя аперацыі, якія спрыялі сексуальнаму гвалту над дзецьмі, нелегальнаму абароту наркотыкаў і дзейнасці такіх тэрарыстычных арганізацыяў, як «Хамас».

У лістападзе 2023 года Чан Пэн Чжаў пакінуў пасаду кіраўніка «Binance» і прызнаў сябе вінаватым у абвінавачваннях у парушэнні амерыканскіх законаў аб барацьбе з адмываннем грошай. Ён таксама пагадзіўся заплаціць штраф – $ 50 млн, а кампанія пры гэтым мае выплаціць уладам ЗША $ 4,3 млрд. Паводле «Forbes», дастаткі Чан Пэна Чжаў складаюць $ 33 млрд.

Тым часам у Нігерыі працягваецца расследаванне супраць кіраўніка аддзелу «Binance» у справе барацьбы з фінансавымі злачынствамі, грамадзяніна ЗША Тыграна Гамбар’яна. Ён застаецца ў нігерыйскай турме. Разам з ім у Нігерыі затрымалі яшчэ аднаго топ-менеджара «Binance» – Надыма Анджарўалю, аднак у сакавіку ён уцёк з турмы.

Разбор
Новае прышэсце біткойна: ці здольная Беларусь стаць «крыптавалютным раем»
2024.03.29 13:00

Нагадаем, што абарот крыптавалюты ў Беларусі ўваходзіць у іншую, больш жорсткую фазу рэгулявання. У прыватнасці анансавалі з 2025-га года адмену беспадатковага даходу ад крыптавалютаў, за выключэннем аперацыяў, здзейсненых на беларускіх крыптапляцоўках. А з пачатку сакавіка 2024 года прайшла чарада выпадкаў блакавання картаў і акаўнтаў, якія так ці інакш бралі ўдзел у аперацыях з крыптой. Акрамя таго, усё часцей з’яўляецца афіцыйная інфармацыя пра парушэнні на аснове р2р-аперацыяў і абмену такім чынам крыптавалюты.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў