На суботніку сёлета з беларусаў сабралі на 2 мільёны рублёў больш, чымся ў 2023 годзе


У рэспубліканскім суботніку сёлета 20 красавіка ўзялі ўдзел 2,35 млн асобаў, якія сабралі Br 15,8 млн. Гэта істотна больш, чымся сабралі на суботніку ў 2023 годзе, адзначаюць аўтары праекту «Вашы грошы».

Суботнік работнікаў Берасцейскай абласной клінічнай больніцы. 20 красавіка 2024 года.
Фота: bokb_by / Telegram

«Мала якія паказнікі ў эканоміцы адрозніваюцца такім упэўненым і сталым ростам, як паказнікі суботніку. Тут мы маем на ўвазе паказнік збіральнасці сродкаў. Сёлета гэта амаль Br 16 млн, тады як годам раней было Br 14 млн. І калі ўлічыць, што колькасць «добраахвотнікаў», якія ўзялі ўдзел у падзеі, засталася на тым жа ўзроўні, то выходзіць, што сёлета сярэдні чэк на суботнік пацяжэў на 15 %. Так што інфляцыі ў Беларусі схільная нават бясплатная праца. І гэта той выпадак, які ўскосна выдае, што рост коштаў у краіне істотна вышэйшы за тыя лічбы, якія публікуе Белстат», – адзначылі ў «Вашых грошах».

У параўнанні з 2019 годам рост колькасці заробленых сродкаў на суботніку склаў амаль 80 %. Тады сабралі толькі Br 9 млн, а ўдзельнікаў падзеі было на паўмільёна больш.

Эканоміка суботніку.
Інфаграфіка: Вашы грошы / Telegram

З заробленых грошай плануецца 35 % аддаць Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Дзецям – ахвярам вайны» ў Чырвоным Беразе Жлобінскага раёну. Яшчэ столькі ж грошай пойдзе на стварэнне на базе Кобрынскага ўмацавання Берасцейскай крэпасці рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі.

Рэшту заробленых на суботніку сродкаў перададуць на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, размешчаных у вобласцях і Менску.

Каментар
«Дадатковы падатак і мабілізацыя прыхільнікаў». Улады абвесцілі, што сабралі на суботніку 14,5 млн рублёў
2024.04.20 20:10

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў