Як абараніцца ад кляшчоў?


Колькасць кляшчоў у Беларусі хутка дасягне свайго піку! А гэта значыць, што адпраўляцца на прыроду, калі вы апранутыя так, як я цяпер, нельга! Да адпачынку трэба падрыхтавацца. І дапаможа мне ў гэтым музыка і грыбнік Алесь Дзянісаў. Алесь, што не так з маім адзеннем?

– Ну, з тваёй вопраткай усё добра, бо спякотна. Але калі ты ідзеш у лес, то гэта трэба ўлічваць. Трэба апранаць такое адзенне, каб кляшчам было цяжэй за цябе зачапіцца і залезці ў такія месцы, дзе яны любяць…

– То бок першае – гэта куртка?

– Ну, куртка, так. І тут пажадана, каб была абароненая галава. Каб быў капялюш…

– Давай адразу і апранем.

– Апранай, канешне.

– Куртку трэба зашпіліць?

– Пажадана, канечне. Важна, каб былі манжэты, каб кляшчы не маглі залезці туды… Тут хочацца, каб было платней. І тут тое самае. Ну і капялюш надзень.

Алесь Дзянісаў звяртае ўвагу, што пажадана, каб адзенне было светлае. Абавязковы атрыбут для абароны ад кляшчоў – гумовыя боты. Варта не забываць і пра выкарыстанне рэпелентаў.

«Гэта такое рэчыва, якое непрыемнае для любой жамяры, для любых насякомых. Таму вось тут пішуць, што гэта ад камароў, кляшчоў… Яе можна наносіць на цела, на скуру. Яны значна менш могуць справакаваць нейкую алергію, чымся самыя моцныя сродкі. Так званыя акарыцыды», – распавядае Алесь Дзянісаў.

Акарыцыды – гэта моцныя хімічныя прэпараты для барацьбы з кляшчамі. Яны могуць змяшчаць серу, хлор і фосфар. А таксама дабаўкі з антыбіётыкамі.

Але і такія моцныя сродкі не абараняюць чалавека на 100 адсоткаў. Клешч усё адно можа прысмактацца да цела. У гэтым выпадку трэба тэрмінова выдаліць паразіта. Месца ўкусу – апрацаваць ёдам або спіртам. Нельга выкарыстоўваць алей і тлустыя крэмы. Кантакт з кляшчом можа быць не толькі непрыемным, але і небяспечным. Штогод у Беларусі фіксуюць каля 2000 выпадкаў клешчавага барэліёзу і больш за дзвесце – клешчавага энцэфаліту. Захворванні могуць праяўляцца ад стану ліхаманкі да цяжкіх паражэнняў нервовай і сэрцава-судзіннай сістэмы або нават паралюшу.

«Калі вы знялі кляшча да 24-ох гадзінаў, а вы ведаеце, што раніцаю гулялі ў парку, а ўчора былі на асфальце цэлы дзень, то, хутчэй за ўсё, вы ў парку кляшча і знайшлі. І вы прыйшлі дадому, знайшлі яго ў той жа дзень і выдалілі. У гэтай сітуацыі не трэба прымаць лекаў ці, напрыклад, ісці да доктара. А вось калі з’явіцца пляма чырвонага колеру, тады трэба звяртацца да доктара, ён прызначыць прэпараты для лекавання барэліёзу», – кажа дзіцячы інфекцыяніст, кіраўнік Нацыянальнай тэхнічнай групы экспертаў у пытаннях імунапрафілактыкі ва Украіне Фёдар Лапій.

У нашай краіне выкарыстоўваецца толькі адзін з метадаў змяншэння колькасці кляшчоў. Гэта рэгулярныя пакосы травы.

«У Вільні праводзіліся даследаванні, у выніку якіх высветлілася, што пакосы травы не зніжаюць колькасці кляшчоў. На няскошаных шматтраўных газонах ствараецца большая біяразнастайнасць. Гэтая тэрыторыя прываблівае больш відаў птушак, больш відаў іншых насякомых. У тым ліку і натуральных ворагаў кляшчоў», – распавядае эколаг Зміцер Янкоў.

«Ну і потым папрасіць сваю жонку ці мужа, каб яны агледзелі, прабачце, нават інтымныя месцы. Бо яны вельмі любяць быць пад пахам. Там цёпла, там вельмі тонкая такая скура. І вельмі лёгка там, класна сядзець. І піць вашую кроў», – раіць Алесь Дзянісаў.

Штогод у Беларусі рэгіструюць каля 30-ці тысяч асобаў, якіх укусіў клешч. Будзьце ўважлівымі і не хварэйце!

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»