Беражыце гаджэты ад сілавікоў!


У МУС вынаходзяць новыя спосабы выцягнуць інфармацыю з гаджэтаў беларусаў. «Белсату» стала вядома прынамсі пра 2 выпадкі, калі грамадзянаў пачалі пераследаваць за непажаданыя падпіскі яшчэ да таго, як міліцыянты пабачылі іх у тэлефоне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле эксперта ў лічбавай бяспецы Мікалая Кванталіяні, гэта можа адбыцца праз наступную схему: падчас праходжання беларускай мяжы службовец можа запатрабаваць тэлефон, скапіяваць усе звесткі і даслаць іх сілавікам. Або падключыць дадатковую тэлеграм-сесію.

«Патрабуецца фізічны доступ да прылады, каб скапіяваць дадзеныя або падлучыць несанкцыянаваную сесію. І трэці варыянт, які можна разглядаць, цяпер вельмі папулярны: праваахоўныя службы робяць дублікат сім-карты і падключаюцца да тых карыстальнікаў, у якіх няма двухфактарнай аўтэнтыфікацыі».

Часам карыстальнік сам дае сілавікам магчымасць аддаленага доступу. Дастаткова, як кажуць, «націснуць не на тую кнопачку», дазволіць штось незразумелае ў тэлефоне, даць згоду на штось неправеранае або выпадкова падчапіць вірус-шпіён. Паводле «Кіберпартызанаў», такую схему могуць ажыццявіць праз рассылку СМС-паведамленняў з сумнеўнымі спасылкамі. Але часцей за ўсё сілавікі папросту падключаюцца да сім-карты карыстальніка, даведваюцца ў тэлеграме нумар ID і праглядаюць усе падключэнні, усе каментары гэтае асобы. Праваабаронца ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава рэкамендуе захады:

«Ёсць у “Краіне для жыцця” такі інструмент, які дапамагае людзям наладаваць тэлефон, “Тэлеграм” і так далей. Ёсць таксама Тэлеграм-канал “Кібер-бабры”, там таксама выкарыстоўваюць розныя інструкцыі, прапануюць людзям азнаёміцца і зрабіць пэўныя налады».

Марына Касінерава таксама нагадала пра вельмі карысную функцыю ў «Тэлеграме» – выдаленне інфармацыі праз дзень.

Адмыслоўцы ў кібербяспецы, апроч таго, раяць паставіць надзейны пароль. У ім не павінна быць імя і даты нараджэння ўладальніка або іншых камбінацыяў, якія лёгка падабраць. Важна, каб пароль складаўся прынамсі з 10 сімвалаў рознага рэгістру, з лічбамі і знакамі. Воблачны пароль лепей не трымаць у памяці, каб не выдаць на допыце. Яго трэба захоўваць у надзейным месцы – напрыклад, у менеджары пароляў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

А яшчэ можна зрабіць сабе віртуальную сім-карту, рэкамендуе Мікалай Кванталіяні.

«Вельмі шмат сэрвісаў, якія дазваляюць атрымліваць СМС онлайн. Проста выбіраеш любы выпадковы нумар і кажаш: я на гэты нумар хачу зарэгістраваць Тэлеграм. Уключаеш двухфактарную ідэнтыфікацыю. І пакуль толькі ты ведаеш пароль, ніхто не зможа далучыцца».

У адным толькі Менску пракуратура за апошнія 16 месяцаў знайшла больш за 180 «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Раённыя суды сталіцы задаволілі больш за 160 гэткіх пракурорскіх пазоваў.

Ідзецца пра 104 Telegram-каналы або чат-боты, 25 акаўнтаў у TikTok, 13 акаўнтаў у Х (былы Twitter), 24 акаўнты і суполкі ў Facebook, 1 акаўнт у «Одноклассниках», 26 каналаў на YouTube, 20 інтэрнэт-сайтаў, 17 старонак у Instagram, 10 старонак у «ВКонтакте»,

11 кніг ды іншых крыніцаў інфармацыі, а таксама лагатыпы, малюнкі і гэтак далей.

Так што кожны раз, калі сілавік зробіць правяранне вашага гаджэта, неабходна праверыць спісы сеансаў, ботаў, кантактаў, дыялогаў, падпісак, пошукавых запытаў, а таксама чорны спіс.

«Не абавязкова мець нават апазіцыйных поглядаў, чытаць кагосьці, рабіць штосьці, – падкрэсліла праваабаронца Марына Касінерава. – Мы гэта разумеем, як праваабаронцы, якія рэгіструюць падобныя парушэнні – і адміністрацыйныя, і крымінальныя. Мы бачым, што вельмі шмат трапляецца людзей, якія агулам не былі ні ў якіх партыях, ні на вуліцах – нідзе».

Згодна з такою логікаю, фактычна кожны жыхар Беларусі – у небяспецы як патэнцыйны экстрэміст.

Марына Яновіч, «Белсат»